ДЫЭТЫ́ЛАВЫ ЭФІ́Р, этылавы эфір, серны эфір, эфір,
аліфатычны просты эфір, H5C2OC2H5. Бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, tкіп 34,5 °C, шчыльн. 713,8 кг/м³ (20 °C). Атрыманы ў 16 ст. В.Кордусам дэгідратацыяй этанолу ў прысутнасці сернай к-ты (гэтым спосабам карыстаюцца і цяпер).
Д.э. змешваецца са спіртам, бензолам і інш. арган. растваральнікамі, абмежавана — з вадой (6,5% пры 20 °C); выбухова- і вогненебяспечны (т-ра загарання -41 °C). У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры вытв-сці этылавага спірту гідратацыяй этылену. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў цэлюлозы (у т. л. ў вытв-сці бяздымнага пораху), жывёльных і раслінных тлушчаў, прыродных і сінт. смол, алкалоідаў і інш.; экстрагент, анестэзіруючы сродак у медыцыне. Злёгку раздражняе дыхальныя шляхі, пры атручэнні настае ўзбуджэнне, потым санлівасць і страта прытомнасці, ГДК 300 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)